• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Еўрарадыё»: Падставаў, каб дадаваць Тарналіцкага ў базу «Міратворац», няма

    Рэдакцыя «Еўрарадыё», дзе працуе журналіст Тарас Тарналіцкі, выпусціла паведамленне ў падтрымку свайго калегі.  «Журналіста «Еўрарадыё» Тараса Тарналіцкага дадалі ва ўкраінскую базу «Міратворац». Але падставаў для гэтага няма, мы будзем гэта абскарджваць і даб’емся поспеху», — падкрэсліваюць у медыя.

    журналіст Тарас Тарналіцкі

    Журналіст Тарас Тарналіцкі на Медыякэмпе «Кропкі сувязі». Літва, жнівень, 2026. Фота: БАЖ

    У рэдакцыі зазначаюць, што Тарас Тарналіцкі ў кантэксце вайны ва Украіне публічна займае праўкраінскую пазіцыю:

    «Ён дапамагаў украінскаму войску і ўцекачам, якія беглі ад поўнамаштабных баявых дзеянняў у першыя дні вайны. Пасля 24 лютага 2022 года ён неаднаразова бываў у службовых камандыроўках у Кіеве і ў Львове.

     А тое, што адбываецца, тлумачыцца проста: праз сваіх агентаў і «карысных ідыётаў» нашае выданне працягвае атакаваць КДБ».

    У чэрвені 2026 года ў гэтай жа базе знайшлі імя галоўнага рэдактара «Еўрарадыё» Яўгена Казарцава. Тады на партале, які фіксуе прыкметы злачынстваў супраць нацыянальнай бяспекі Украіны, з’явілася картка з яго асабовымі звесткамі.

    «На «Міратворцы» тэкст напісаны маімі дзвюма «прыхільніцамі», якія ўжо некалькі месяцаў атакуюць мяне ўсімі магчымымі шляхамі. Яны і донарам («Еўрарадыё») пісалі, і ў Face­book нешта. Дарэчы, я ж дзеля бяспекі працаваў ананімна гэтыя гады, але яны зрабілі аўтынг, бо ім відавочна ўсё роўна на бяспеку іншых», — каментаваў тады БАЖ сітуацыю спадар Казарцаў.

    Ён адразу накіраваў у «Міратворац» зварот, у якім абгрунтаваў, чаму лічыць напісанае хлуснёй і маніпуляцыяй. У ліпені 2026 года імя Казарцава было прыбранае з базы.

    Тарас Тарналіцкі — беларускі журналіст і кінакрытык. Прафесійную дзейнасць пачаў у 2008‑м годзе.  За гэтыя гады супрацоўнічаў з больш як 40 выданнямі ў Беларусі, Украіне, Расіі і краінах Еўрапейскага Саюза. Апошні час працуе карэспандэнтам для «Еўрарадыё» і партала «Будзьма беларусамі». Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў і Міжнароднай федэрацыі кінакрытыкаў FIPRESCI.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.