• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Савет Еўропы: Мінінфарм Беларусі з’яўляецца інструментам падаўлення незалежнай журналістыкі

    Міністэрства інфармацыі Беларусі адыгрывае ключавую ролю ў фарміраванні адной з самых рэпрэсіўных сістэм рэгулявання СМІ ў Еўропе.

    Да такой высновы прыйшлі аўтары дакладу “Struc­tur­al Use of the Media Reg­u­la­to­ry Sys­tem to Sup­press Jour­nal­ism” (“Структурнае выкарыстанне сістэмы рэгулявання СМІ для падаўлення журналістыкі”), апублікаванага на платформе Савета Еўропы па абароне журналістыкі і бяспекі журналістаў.

    Савет Еўропы пра Мінінфарм Беларусі

    Фота: Аб’яднаны пераходны кабінет

    Даклад падрыхтавалі восем міжнародных арганізацый, якія займаюцца абаронай свабоды слова і бяспекі журналістаў: фонд “Справядлівасць для журналістаў” (Jus­tice for Jour­nal­ists Foun­da­tion), Камітэт па абароне журналістаў (CPJ), Еўрапейская і міжнародная федэрацыі журналістаў (EFJ/IFJ), “Рэпарцёры без межаў” (RSF), Міжнародны інстытут прэсы (IPI), Міжнародны ПЭН-клуб (PEN Inter­na­tion­al) і сетка IFEX (Inter­na­tion­al Free­dom of Expres­sion Exchange — міжнародны абмен па пытаннях свабоды выказвання меркаванняў — створаная ў 1992 годзе сетка арганізацый, якія займаюцца абаронай свабоды слова і свабоды прэсы. — “Позірк”.).

    Аўтары адзначаюць, што беларускі медыярэгулятар не валодае незалежнасцю і дзейнічае пад прамым кантролем выканаўчай улады. Міністэрства інфармацыі адначасова выконвае функцыі як рэгулятара, так і выканаўцы дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, кантралюючы рэгістрацыю СМІ, ліцэнзаванне, распаўсюджванне прадукцыі і рэгуляванне зместу публікацый.

    Згодна з дакладам, дзеючае заканадаўства дазваляе беларускім уладам зачыняць СМІ, блакаваць сайты без судовага рашэння і прыцягваць журналістаў да адказнасці за прафесійную дзейнасць. Асаблівую ролю ў гэтай сістэме, як указваюць аўтары, адыгрываюць нормы заканадаўства аб “экстрэмізме”, якія выкарыстоўваюцца супраць незалежных рэдакцый і журналістаў.

    У дакуменце гаворыцца, што пасля прызнання СМІ “экстрэмісцкім фарміраваннем” крымінальныя і адміністрацыйныя рызыкі ўзнікаюць не толькі для супрацоўнікаў рэдакцыі, але і для людзей, якія супрацоўнічаюць з гэтым медыя, даюць яму інтэрв’ю, распаўсюджваюць публікацыі або падпісваюцца на яго каналы.

    СМІ ў Беларусі ў 2025 годзе

    Аўтары канстатуюць, што да канца 2025 года дзясяткі беларускіх СМІ былі прызнаныя “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”, а Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) ліквідаваная і таксама атрымала такі статус. Акрамя таго, Мінінфарм заблакаваў больш за 10 тыс. інтэрнэт-рэсурсаў, уключаючы звыш 5 тыс. сайтаў, унесеных у спіс “экстрэмісцкіх”.

    У дакладзе гаворыцца, што пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года практычна ўсе незалежныя рэдакцыі былі вымушаныя спыніць працу ў Беларусі, пераехаць за мяжу або працягнуць дзейнасць ва ўмовах падвышанай рызыкі. Паводле звестак аўтараў, краіну пакінула не менш за 400 журналістаў і работнікаў СМІ, многія з іх пераехалі ў Польшчу і Літву.

    Падкрэсліваецца, што незалежныя рэдакцыі ў выгнанні працягваюць працаваць, аднак сутыкаюцца з блакаваннямі, кібератакамі і пераследам у рамках завочных крымінальных спраў.

    Аўтары прапануюць стварыць у Беларусі незалежны орган рэгулявання СМІ, адмяніць нормы, якія дазваляюць адвольнае абмежаванне працы медыя, спыніць практыку прызнання журналістаў і рэдакцый “экстрэмісцкімі” і вызваліць усіх работнікаў СМІ, якія знаходзяцца ў зняволенні.

    Яны таксама заклікаюць Савет Еўропы, дзяржавы — члены арганізацыі і міжнародных партнёраў працягваць дакументаваць парушэнні свабоды СМІ ў Беларусі, падтрымліваць незалежныя рэдакцыі за мяжой і сачыць за станам інфармацыйнай прасторы краіны.

    Паводле звестак БАЖ, на 10 ліпеня ў зняволенні ў Беларусі знаходзіцца 21 прадстаўнік СМІ.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.