Журналістку Яўгенію Курловіч схілялі да супрацоўніцтва з КДБ. Яна адмовілася
Дзяўчына супрацоўнічае з Malanka Media і не хавае гэтага факту: нават яе фотаздымак можна ўбачыць на галоўнай старонцы выдання ва ўкладцы «Каманда». Але невядомы, які назваўся супрацоўнікам КДБ, звярнуўся да яе не наўпрост, а патэлефанаваў праз Telegram з нумара яе брата.

Яўгенія Курловіч. Скрын сайта Malanka media
Размаўляць з ім Яўгенія адмовілася, і тады размова працягнулася ў перапісцы, частку якой журналістка паказала на сваёй старонцы ў Facebook. У гэтай перапісцы невядомы не прадставіўся, але сцвярджаў, што ягоныя дакументы бачыў брат дзяўчыны.
«Гэта адбылося 21 ліпеня, у аўторак.
Размова была пра тое, што я вось ужо 6 гадоў, як з’ехала з Беларусі, і што гэта можна лёгка паправіць з дапамогай КДБ. У абмен на магчымасць бесперашкодна ездзіць у Беларусь мне прапаноўвалася перапіска ў Telegram: каб я паведамляла ім нейкія звесткі.
Спробу звязацца са мной праз брата гэты чалавек патлумачыў нібыта клопатам пра маю маму — маўляў, не хацелася турбаваць чалавека са слабым здароўем», — распавяла Яўгенія Курловіч.
Маніпуляванне звесткамі пра здароўе маці, якая мае праблемы з сэрцам, журналістка лічыць дадатковым элементам маральнага ціску на яе з мэтай схіліць да супрацоўніцтва.
Дзяўчына падкрэслівае, што з моманту яе ад’езду з Беларусі ў чэрвені 2020-га году яе бацькоў, якія засталіся ў Мінску, не пакідалі ў спакоі.
«У 2022 годзе забіралі на гутарку ў КДБ, дома было некалькі ператрусаў — у 2022, 2023 і 2025 гадах. Таксама ў 2025 годзе я атрымала паведамленне ў Facebook ад не знаёмага мне чалавека, які згадаў мой допіс пра тое, як я даўно не была ў Беларусі і прапанаваў «дапамогу» ад «сваёй арганізацыі». Я ветліва развіталася. З чым звязаны інтарэс да мяне зараз, я не ведаю — я не палітык, не актывістка, не публічная асоба. А па сваёй мне няма чаго дадаць: мы ўсё публікуем, ўсё ахвотныя могуць проста падпісацца і чытаць. Размаўляць з КДБ я не хачу і не буду», — кажа Яўгенія.
Журналістка супрацоўнічае з выданнем Malanka Media, якое ў лютым 2023 года рашэннем МУС было прызнана «экстрэмісцкім фармаваннем». Асабісты TikTok-канал Яўгеніі Курловіч прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй».
@bajmedia