Цішыня пасля выбуху: як грамадству казалі пра Чарнобыль у 1986‑м — і як інфармуюць пра рызыкі ў Беларусі цяпер
26 красавіка спаўняецца 40 гадоў з дня катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Беларусь атрымала амаль 70% радыяактыўных выпадзенняў ад выбуху чацвёртага рэактара, і паводле розных ацэнак пацярпелі мільёны людзей. Ад грамадства хавалі праўду, праз 40 гадоў інфармаванасць беларусаў пра рызыкі ад ужо ўласнай АЭС таксама на нулі. Незалежных СМІ экалагічнага кірунку непасрэдна ў Беларусі зараз няма.

Праўладныя журналісты і блогеры ў зоне адчужэння на тэрыторыі Беларусі. Красавік 2026 года. Скрыншот відэа
Чарнобыль як пачатак грамадзянскай Беларусі
З 1988 года ў Мінску праходзілі «Чарнобыльскія шляхі» — шэсці і акцыі памяці, якія аб’ядноўвалі эколагаў, медыкаў, дэмакратычны рух, інтэлігенцыю.
Зараз, на жаль, у Беларусі гэтыя акцыя немагчымыя.
І не толькі акцыі. Здавалася б, ёсць інтэрнэт, смартфоны, навігацыя, станцыі, якія адсочваюць узровень радыяцыі. Але пасля 2020 года незалежнае медыйнае поле Беларусі выпаленае, экалагічныя медыя ці знішчаныя, ці ў выгнанні.
Беларуская ўлада паслядоўна змяншала маштаб трагедыі. Штогод дзяржава «вяртае ў абарот» забруджаныя радыяцыяй тэрыторыі, дзяцей даўно не вывозяць дабрачынныя фонды на аздараўленне за мяжу, ды і фондаў тых у краіне няма.
У 2026‑м ужо і слова «катастрофа» афіцыйна стараюцца не ўжываць.
«Не трэба плакаць па мінулым», — бадзёра заявіў 16 красавіка міністр інфармацыі Дзмітрый Жук падчас Дня інфармавання ў Валожынскім раёне. «Падчас Вялікай Айчыннай вайны загінула больш за 3,5 мільёны беларусаў — вось гэта трагедыя. А тут — тэхнагенная аварыя. Мы далі рады, і гэта не катастрофа», — патлумачыў Жук.
У публікацыях да 40-годдзя катастрофы ў дзяржаўных СМІ галоўныя тэзісы такія: краіна «пераадолела наступствы», Гомельская і Магілёўская вобласці выдатна развіваюцца, забруджаныя тэрыторыі аднаўляюцца.

БелАЭС, 2021 год. Фота: БАЖ
Што да сваёй атамнай электрастанцыі ў Астраўцы, то мадэль камунікацыі з грамадствам тут прыкладна такая ж, як і ў часы СССР. Мінімум інфармацыі, няма экспертных дыскусій, з Літвой стасункі сапсаваныя ў тым ліку і з прычыны АЭС ля самай Вільні.
«Сітуацыя пад кантролем», — такі пасыл транслявалі ўслед за Масквой і выданні БССР
Сёння Беларусь жыве ў той жа палітычнай логіцы, што і за саветамі 40 гадоў таму: інфармацыя шырокай грамадскасці пра тэхнагенныя рызыкі непатрэбная, а незалежных СМІ ў краіне не засталося.
Савецкая сістэма па вызначэнні была закрытай. І ў 1986‑м паспрабавала рабіць, як заўжды — проста маўчаць, нягледзячы на маштаб катастрофы, што здарылася 26 красавіка 1986 года. Проста нагадаем: пра радыяактыўнае забруджанне свет даведаўся пасля таго, як павышаны ўзровень радыяцыі зафіксавалі ў Швецыі на АЭС Forsmark 28 красавіка.
Першая зацемка пра аварыю з’явілася ў галоўнай савецкай газеце «Правда» праз чатыры дні.
30 красавіка сціплае паведамленне «Ад Савета міністраў СССР» дробным шрыфтам распавяло, што на Чарнобыльскай АЭС адбылася аварыя, «у дадзены час радыяцыйнай абстаноўка на станцыі і наваколлі стабілізаваная». Нешматлікім нібыта пацярпелым дапамаглі, жыхароў пасёлка АЭС і яшчэ трох населеных пунктаў эвакуявалі.
Пасля травеньскіх святаў савецкія СМІ пачалі абвінавачваць у плётках, паклёпе і чутках заходнія «варожыя галасы». Але маштаб трагедыі хаваць было ўжо цяжка.
Як вядома, тыя самыя травеньскія святы з размахам і парадамі прайшлі па ўсім Савецкім Саюзе, у тым ліку ў Мінску і Кіеве. Людзям не тлумачылі небяспеку, не раілі заставацца дома, не папярэджвалі пра рызыкі для дзяцей, не казалі ўвогуле пра нейкія меры перасцярогі.

Праўда, ужо даводзілася пісаць пра самаадданую працу ліквідатараў, пра тэхнічную ліквідацыю наступстваў і пра тое, што чуткам паддавацца не трэба.
Не вялося пра рэальныя дозы радыяцыі (а Беларусь прыняла на сябе галоўны ўдар), рызыкі для цяжарных і дзяцей, праблемы з эвакуацыяй і медыцынскай дапамогай.
Галоўнымі крыніцамі заставаліся ўсё тыя ж «варожыя галасы», якія ў той час СССР яшчэ глушыў. Гэта — BBC, «Радыё Свабода», «Голас Амерыкі», «Нямецкая хваля».
І «сарафаннае радыё»: расповеды сваякоў, знаёмых ліквідатараў, вайскоўцаў, медыкаў, ветэрынараў, проста чуткі.
Прарыў маўчання
Беларускія журналісты, пісьменнікі і публіцысты адыгралі ключавую ролю ў прарыве інфармацыйнай блакады вакол Чарнобыльскай катастрофы, нягледзячы на ціск уладаў і ўтойванне праўды ў першыя дні і месяцы пасля аварыі.
Сяргей Навумчык, журналіст і палітык, у складзе камісіі Вярхоўнага Савета БССР расследаваў утойванне праўды пра аварыю, выяўляючы, як партыйныя органы хавалі небяспеку.
Святлана Алексіевіч, пісьменніца і журналістка, будучая нобелеўская лаўрэатка стварыла кнігу-дакумент «Чарнобыльская малітва», даследаванне псіхалагічнай, асабістай і сацыяльнай трагедыі, заснаванае на сотнях інтэрв’ю з жыхарамі Беларусі, ліквідатарамі і відавочцамі.

Фота: з сайта kirma.sh
Пісьменнік Алесь Адамовіч гаварыў пра страшныя наступствы катастрофы. Збіраў сведчанні, пісаў артыкулы і лісты вышэйшаму кіраўніцтву краіны, патрабуючы прызнаць маштаб пагрозы.
Пісьменнік Васіль Якавенка заснаваў сацыяльна-экалагічную газету «Набат», якая адразу спрабавала адкрыта распавядаць пра рэальныя наступствы чарнобыльскай трагедыі для Беларусі.
І шмат іншых журналістаў, фатографаў, якія фіксавалі рэальную сітуацыю і наступствы цягам ужо 90‑х.
Менавіта альтэрнатыўныя, а не дзяржаўныя крыніцы першымі называлі Беларусь галоўнай ахвярай Чарнобыля.
Дэфіцыт важнай інфармацыі — крытычна небяспечны
Як кажа ў інтэрв’ю БАЖ медыяэкспертка, былая галоўная рэдактарка «Зялёнага партала» Яніна Мельнікава, беларускім экалагічным медыя зараз «надзвычай цяжка працаваць».
«У краіне такіх СМІ ўвогуле ўжо няма. І нам («Зялёнаму парталу») цяжэй здабываць інфармацыю, і людзям у Беларусі цяжка з намі кантактаваць, бо мы ж — «экстрэмісты», зразумела, людзі баяцца. Безумоўна, гэта значна абцяжарвае наша жыццё і жыццё ўсіх беларусаў таксама», — зазначае яна.

Яніна Мельнікава. Форума журналісцкіх арганізацый краін Балтыі і пераследуемых журналістаў. 13 снежня 2024 года. Фота: БАЖ
Пры гэтым беларусам «няма да чаго апеляваць, краіна перастала быць сябрам Орхускай канвенцыі».
«І медыяў не засталося, якія маглі б інфармаваць і адстойваць інтарэсы грамадскасці. То-бок калі заўтра нешта непрыемнае адбудзецца на беларускай зямлі, то самі беларусы даведаюцца пра гэта, як і ў 1986‑м, ад шведаў, літоўцаў, кагосьці яшчэ.
Беларускі рэжым скажа (калі скажа ўвогуле) пра гэта ў апошні момант, — падкрэслівае Яніна Мельнікава. — У Беларусі зараз няма магчымасці асвятляць не тое, што тэхнагенныя праблемы, нават паведамляць пра маленькія экалагічныя справы, якія робіць невялікая колькасць актывістаў там. А яны робяць гэтыя справы вельмі добра, упарта і рупліва.
Аднак мы не можам пра гэта распавесці проста таму, каб не падставіць людзей, каб не падсвяціць іх працу ўнутры краіны. Таму рэдакцыя «Зялёнага партала» шмат дае аналітыкі, піша пра лепшыя практыкі Еўропы. Бачым, што можна інакш, чым у Беларусі. І гэтае «інакш» нашыя журналісты спрабуюць паказаць аўдыторыі ў самой Беларусі.
Я бачу, што зараз адбываецца пэўны крызіс беларускага экалагічнага жанру. З іншага боку, мы разумеем, што калі мы не будзем гаварыць, то проста ніхто не будзе. Трэба рабіць гэтую сваю справу, як бы там ні было».
Яніна Мельнікава лічыць вельмі падобнай сітуацыю 2026-га з часамі 80‑х: «Мы зараз зноў аніяк не можам уплываць на сітуацыю. Пакуль у Астраўцы будавалася АЭС, там рэгулярна адбываліся інцыдэнты. У грамадскасці ўзнікала шмат пытанняў, але зноў жа — на гэтыя пытанні ніхто не адкажа, бо нельга разгалошваць».
Няма інфармацыі — не будзе бяспекі
Як зазначае ў каментары БАЖ экалагічная актывістка, сузаснавальніца арганізацыі «Экадом» Ірына Сухій, рызыка недасведчанасці падчас крызісаў палягае ў тым, што людзі пазней рэагуюць, прымаюць горшыя рашэнні, рызыкуюць здароўем і жыццём.
«Гадавіна Чарнобыля — гэта ж не толькі пра мінулае, гэта і пра сёння, пра наша права ведаць пра пагрозы. Адразу, цалкам і без цэнзуры. Беларусь жа да 2022 года была чальцом Орхускай канвенцыі, якая, уласна кажучы, і з’явілася ў тым ліку праз Чарнобыль. У гэтай канвенцыі ААН вельмі красамоўная назва: «Аб праве грамадскасці на доступ да экалагічнай інфармацыі, на ўдзел у працэсе прыняцця рашэнняў і доступ да правасуддзя па пытаннях навакольнага асяроддзя». Беларусь ратыфікавала яе ў 1999 годзе, адна з першых. Але зараз у нас гэтага права няма», — сказала Ірына Сухій.

Прадстаўніца «Экадома» і «Зялёнай сеткі» Ірына Сухій. Фота: з сайта ecohome.ngo
На яе думку, пытанне доступу да экалагічнай інфармацыі ўвогуле з’яўляецца ключавым у многіх сферах, бо, разумеючы, што адбываецца, людзі могуць карэктаваць свае дзеянні.
«Калі яны ведаюць, што завод, побач з якім жывуць, выкідвае нейкія небяспечныя рэчывы, яны могуць разумець маштаб небяспекі, прымаць рашэнні, забяспечваць пэўныя меры бяспекі для сябе і сваёй сям’і. Не маючы інфармацыі, людзі не могуць абараніць сваё права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, якое ў нас нават у Канстытуцыі замацавана», — зазначыла экспертка.
Прапаганда робіць злачынныя рэчы
«У нас людзі нават на забруджаных тэрыторыях ужо не правяраюць ягады, грыбы, малако і іншае, нягледзячы на цалкам даступныя дазіметры. Мяркую, не апошнюю ролю ў гэтай бесклапотнасці адыграла якраз дзяржаўная прапаганда, якая ўвесь час (а ў гэтую гадавіну асабліва) кажа пра тое, што з наступствамі Чарнобыля мы, у прынцыпе, ужо справіліся. Можна засяляць гэтыя тэрыторыі, апрацоўваць іх і квітнець», — падкрэслівае Ірына Сухій.
На яе думку, гэты інфармацыйны фон сапраўды можа ствараць у людзей, якія жывуць у Беларусі, «адчуванне поўнай бяспекі, таго, што час і дзяржава нейтралізавалі наступствы катастрофы».
«Але быць няўважлівымі — вельмі небяспечна, як мы ведаем з досведу таго ж Чарнобыля, — кажа Ірына Сухій. — Так, існуюць службы, якія манітораць стан навакольнага асяроддзя, але гэта, па-першае, робіцца выбарачна, па-другое, вынікі іх працы зусім не знаходзяцца ў шырокім грамадскім доступе.

Праўладныя журналісты і блогеры ў прэс-туры па зоне адчужэння на тэрыторыі Беларусі. Красавік 2026 года. Скрыншот відэа
Канешне, калі нешта здарыцца на Беларускай атамнай станцыі, то Еўропа даведаецца вельмі хутка — Літва пастаянна маніторыць стан асяроддзя. Дадзеныя датчыкаў можна нават паглядзець у рэжыме рэальнага часу анлайн. Тэарэтычна і беларусы могуць гэта назіраць, але не думаю, што нашы грамадзяне гэта робяць — трывога супакоеная дзяржаўнымі СМІ ў тым ліку. Усё гэта ўплывае на ўспрыманне пагроз».
Незалежныя журналісты імкнуцца даць аб’ектыўную інфармацыю і нагадаць пра наступствы, якія нельга скідваць з рахунку. Напрыклад, «Зялёны партал» стварыў чэк-ліст здароўя, каб людзі хаця б разумелі парадак дзеянняў, калі спадзеву на дзяржаву няма.
«Калі прапаганда кажа, што ўсё цудоўна, то і ў сярэднестатыстычнага чалавека патрэбы не ўзнікае за нечым недзе сачыць. Ды і статыстыку захворванняў, звязаных з ЧАЭС, у нас нідзе не публікуюць».
@bajmedia