• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Польскі суд пастанавіў, што экстрадыцыя экс-рэдактара сайта «Магілёўскі рэгіён» Змітра Салаўёва ў Беларусь «юрыдычна недапушчальная»

    22 кастрычніка адбылося пасяджэнне акруговага суда ў Беластоку, які вынес рашэнне пра недапушчальнасць выдачы Змітра Салаўёва органам пераследу Рэспублікі Беларусь. Нагадаем, сёлета ў жніўні Генпракуратура Беларусі запатрабавала ад Польшчы экстрадаваць магілёўца, які з’яўляецца вымушаным палітэмігрантам.

    zmicer_salauyou_1

    Зміцер Салаўёў. Фота: БАЖ

    Паводле Змітра Салаўёва, польскі бок ад пачатку не меў намеру высылаць яго ў Беларусь. Аднак давялося прайсці законную працэдуру пасля запыту беларускага боку.

    «Працэс праходзіў у акруговым судзе Беластока. Калі суадносіць з беларускімі рэаліямі, то гэта абласны суд. Мяне падрабязна распыталі, якія акалічнасці змусілі пакінуць радзіму і што мне пагражае ў Беларусі.

    Я распавёў, што ў Беларусі супраць мяне распачатыя дзве крымінальныя справы за журналісцкую дзейнасць — паводле частак 1 і 2 артыкула 361–1 КК РБ за нібыта стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім і паводле ч. 1 арт. 357 КК РБ — нібыта за ўдзел у змове ці іншых дзеяннях, учыненых з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Згадаў, што ў Беларусі санкцыянавана заключэнне мяне пад варту.

    Суд вынес рашэнне, паводле якога выдача мяне беларускім уладам недапушчальная, бо ў дзяржаве, якая патрабуе выдачы, можа адбыцца парушэнне свабоды і маіх правоў», — распавёў БАЖ Зміцер Салаўёў, атрымаўшы афіцыйную судовую пастанову.

    Цяпер, паводле польскага заканадаўства, яна будзе дасланая на разгляд міністру юстыцыі, які вынесе канчатковае рашэнне.

    Зміцер Салаўёў

    Пастанова польскага суда, датычная Змітра Салаўёва

    У Польшчы Зміцер Салаўёў жыве з 2021 года. Ён пакінуў радзіму пасля таго, як даведаўся пра сваю першую крымінальную справу. Пра тое, што ёсць яшчэ і другая, было напісана акурат у запыце Генпракуратуры наконт яго экстрадыцыі. З ім журналіста пазнаёмілі падчас гутаркі ў польскай пракуратуры сёлета ўлетку. На той час ён ужо некалькі гадоў быў абвешчаны ў вышук  на тэрыторыі Расіі і Беларусі.

    Зміцер Салаўёў быў галоўным рэдактарам навінавага партала «Магілёўскі рэгіён», згаданым у рашэнні КДБ Беларусі ад 29 лістапада 2023 года (у арыгінальным тэксце памылкова стаяла 19 лістапада), дзе гаворыцца пра прызнанне «экстрэмісцкім» фармаваннем «групы грамадзян, аб’яднаных ініцыятывай «6TV Bielarus» і яго структурным падраздзяленнем «Магілёў Медыя» («Навіны Магілёўскага рэгіёну»)». Журналіст не выключае, што патрабаванне яго экстрадыцыі з Польшчы можа папярэднічаць пачатку ў дачыненні да яго спецыяльнай вытворчасці.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.