ChatGPT, Claude і Gemini недаступныя ў Беларусі. Што замест іх прапануюць беларусам?
У Беларусі недаступныя папулярныя ШІ-мадэлі ChatGPT, Claude і Gemini. Не праз санкцыі: рашэнні аб абмежаваннях на рэгіён прынялі самі кампаніі. І пакуль іх прадукты не працуюць у нашай краіне, нішу актыўна займаюць расійскія і кітайскія чат-боты.

Илюстрацыя: euroradio.fm
Еўрарадыё задало ім некалькі простых пытанняў, каб ацаніць, што даступныя ШІ-мадэлі гатовы расказваць беларусам.
DeepSeek: самая папулярная мадэль, асцярожная ў адказах
Пасля запуску кітайскага DeepSeek Еўрарадыё пісала пра цэнзуру ў пытаннях пра Кітай, якая ёсць у гэтай ШІ-мадэлі. З таго часу чат-бот стаў самым папулярным у Беларусі — дадатак лідзіруе па спампоўках сярод усіх канкурэнтаў.
На ўсе пытанні пра палітычную сітуацыю ў Беларусі DeepSeek адказвае вельмі асцярожна. Гаворачы пра рэпрэсіі ў краіне, кітайская мадэль пачала адказ з таго, што ў Мінску адмаўляюць іх наяўнасць, потым расказала пра міжнародныя ацэнкі, а пасля зноў дадала: «Улады Беларусі катэгарычна не прымаюць…»
Гаворачы пра палітычных вязняў, DeepSeek паведаміў пра «прынцыповае разыходжанне пазіцый». Маўляў, з аднаго боку, міжнародныя арганізацыі і праваабаронцы кажуць пра іх наяўнасць, з другога — зноў жа ўлады адмаўляюць іх наяўнасць і адзначаюць, што «ў заканадаўстве няма такога паняцця».
На пытанне пра тое, дзе чытаць сумленныя беларускія навіны, DeepSeek параіў 5 незалежных медыя.

Скрыншот: euroradio.fm
«Аліса»: чат-бот ад «Яндэкса», які любіць расійскія крыніцы
Мяркуючы па ўсім, другі па папулярнасці ШІ-бот у Беларусі — «Аліса» ад кампаніі «Яндэкс». Прасоўванню чат-бота спрыяе ўкараненне ў іншыя прадукты кампаніі, у першую чаргу ў разумныя калонкі з такой жа назвай.
У адказ на пытанне пра рэпрэсіі ў Беларусі «Аліса» расказала пра рэпрэсіі ў БССР і ніяк не згадала наш час. Пасля ўдакладнення бот усё ж даў агляд рэпрэсіўных практык рэжыму Лукашэнкі, але пры гэтым сярод спасылак, акрамя сайта ААН і рускамоўнай «Вікіпедыі», былі расійскі «Форбс» і «Маскоўскі камсамолец».
У адказ на пытанне пра палітвязняў «Аліса» напісала, што ў заканадаўстве няма такога паняцця. Але потым паведаміла, што палітычныя вязні ў краіне ёсць. Дадаўшы, што ўлады адмаўляюць іх наяўнасць. Сярод крыніц чат-бот паказаў расійскія «РБК», «Sputnik.by», «Інтэрфакс», «Камерсант», «Маскоўскі камсамолец» і некалькі беларускіх рэсурсаў.
А вось у адказ на пытанне пра крыніцы з незалежнымі навінамі «Аліса» адказала: «Ёсць тэмы, у якіх я магу памыліцца. Лепш памаўчу».

Скрыншот: euroradio.fm
«Гігачат»: мадэль ад «Сбера», якая то маўчыць, то не
Яшчэ адзін расійскі чат-бот — GigaChat ад «Сбера». Ён не такі папулярны, як канкурэнты, але ўсё ж трапляўся ў лідарах па спампоўках.
Адказ на пытанне пра рэпрэсіі: «Каб пазбегнуць непаразуменняў, размовы на некаторыя тэмы часова абмежаваны».
У адказ на пытанне пра палітвязняў сбераўскі чат прызнаў іх наяўнасць, але таксама спаслаўся на расійскія крыніцы.
У якасці рэкамендацый адносна незалежных медыя ў Беларусі «Гігачат» даў расійскія «Sputnik.by» і «Камсамольскую праўду». Пасля ўдакладняльнага пытання ён усё ж даў спіс незалежных СМІ, але ў канцы дапісаў: «РКН: замежны ўладальнік рэсурсу парушае закон РФ».
Дарэчы, GigaChat у адказах некалькі разоў выкарыстаў слова «Белоруссия». Вось такі цікавы факт.

Скрыншот: euroradio.fm
Якія альтэрнатывы ёсць?
У Беларусі недаступныя не толькі ChatGPT, Claude і Gemini, але і Grok, які належыць Ілану Маску. Адна з папулярных замежных мадэляў у краіне ўсё ж працуе — гэта Perplexity.
Цэнзуры ў гэтым ШІ няма, да таго ж ёсць яшчэ адзін плюс: сярод заснавальнікаў кампаніі — беларус Дзяніс Ярац.
Таксама ў Беларусі працуе вялікая колькасць ШІ-ботаў — ноўнэймаў, у большасці выпадкаў з назвамі ў духу GPT Chat або AI Chat. Усе яны на самай справе працуюць на іншых мадэлях і ў большасці сваёй таксама асцерагаюцца з адказамі.
@bajmedia