«Ужо дзясяткі выпадкаў». Журналіст Павел Мажэйка распавёў пра ператрусы ў сваякоў і знаёмых
Былы палітзняволены журналіст Павел Мажэйка распавёў БАЖ, што ў рамках новай крымінальнай справы, заведзенай на яго ў Беларусі, супрацоўнікі сілавых структур пайшлі не толькі па ягоных родных, але і па і знаёмых.

Павел Мажэйка. Фота: БАЖ
Так званыя працэсуальныя дзеянні пачаліся ў траўні – прыходзілі да бацькоў, сваякоў, а потым пайшлі па знаёмых. Павел налічыў іх ужо больш дзесяці.
«Дзіўны выбар людзей, – кажа журналіст. – І гэта выглядае не столькі як ператрусы, а як пошук мяне. Штосьці спраўджвалі, нейкія рэчы глядзелі, але ў асноўным іх цікавіла, ці не знаходзіцца па дадзеным адрасе Мажэйка. Не ведаю, ці забіралі нешта з рэчаў».
Павел не ўяўляе, за што менавіта была заведзеная новая крымінальная справа паводле арт. 361–4 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Садзейнічанне экстрэмізму»). Афіцыйных дакументаў ён не бачыў.
Акрамя таго, родных і знаёмых былога палітвязня КДБ выклікае на нефармальныя размовы, адмовіцца ад якіх немагчыма.
«Дэталяў гэтых размоваў не ведаю. Але супрацоўнікі КДБ абавязваюць маіх родных перадаць мне інфармацыю, каб я вяртаўся ў Беларусь. Дзіўнае запрашэнне, улічваючы, што паралельна ідзе працэс па новай крымінальнай справе», – кажа Павел.
Гарадзенскі грамадскі дзеяч і журналіст Павел Мажэйка быў арыштаваны 30 жніўня 2022 года і незаконна засуджаны паводле арт.361–4 КК РБ – «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» – на 6 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Прысуд аформіў 26 ліпеня 2023 года суддзя Максім Філатаў, вядомы гучнымі палітычнымі выракамі.
11 верасня 2025 года ў ліку іншых беларускіх палітвязняў Павел Мажэйка быў вызвалены з калоніі і прымусова вывезены з Беларусі на тэрыторыю Еўразвязу.
@bajmedia