«Вы альбо несумленная, альбо дурная», — Трамп абразіў журналістку NBC і сышоў з інтэрв’ю
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп рэзка перапыніў інтэрв’ю з журналісткай NBC Крыстэн Уэлкер, абразіў яе і выйшаў пасля таго, як яна паставіла пад сумнеў праўдзівасць яго заяў пра выбары 2020 года, паведамляе The Independent.

Дональд Трамп у эфіры праграмы Meet the Press. Фота: NBC / Meet the Press
У інтэрв’ю, якое выйшла ў эфір у нядзелю на праграме Meet the Press, Трамп заявіў, што будзе «расчараваны», калі Кангрэс не ўхваліць амаль 1,8 мільярда долараў фінансавання Фонду барацьбы са злоўжываннямі.
Прэзідэнт і яго саюзнікі ў мінулым месяцы спрабавалі стварыць фонд для выплат людзям, якія былі прыцягнутыя да адказнасці федэральнымі ўладамі ў часы адміністрацыі Джо Байдэна. Гаворка ідзе пра сотні амерыканцаў, асуджаных за злачынствы, звязаныя з падзеямі 6 студзеня 2021 года, калі адбыўся штурм Капітолія.
Дзейнасць фонду была аспрэчаная ў федэральным судзе, і суддзя прыпыніў яго дзейнасць. Выканаўца абавязкаў генеральнага пракурора Тод Бланш заявіў, што адміністрацыя Трампа адмаўляецца ад гэтай ідэі. Бланш сказаў заканадаўцам, што фонд «не рухаецца наперад», а ўрадавыя юрысты заявілі, што фонд «не будзе адноўлены».
Тым часам у інтэрв’ю Крыстэн Уэлкер Дональд Трамп не паказаў ніякіх прыкмет гэтага, а паспрачаўся з вядучай праз тое, ці прадставіў ён «доказы» сваіх сцвярджэнняў адносна выбараў 2020 года ў рамках спробы адмяніць іх вынікі.
«Вы альбо несумленная, альбо дурная», — сказаў амерыканскі лідар падчас размовы з журналісткай.
Трамп таксама заявіў, што ператрус ФБР у яго рэзідэнцыі Мар-а-Лага ў жніўні 2022 года быў прыкладам злоўжывання паўнамоцтвамі адміністрацыяй Байдэна. Пасля таго, як Трамп пакінуў Белы дом у 2021 годзе, супраць яго было распачата расследаванне, што той нібыта ўтойваў або неналежным чынам захоўваў дакументы Белага дома.
«Яны пераследвалі мяне больш, чым каго-небудзь іншага. Яны зладзілі ператрус у Мар-а-Лага і ўсё астатняе. Але людзі моцна пацярпелі. Яны скончылі жыццё самагубствам. Яны страцілі працу», — сказаў Дональд Трамп.
У рэшце рэшт ён датэрмінова скончыў інтэрв’ю і сышоў, сказаўшы спадарыні Уэлкер: «Вы аднабаковая, несумленная сетка. Прабачце. Давайце на гэтым скончым, бо з мяне хопіць. Дзякуй, дарагая. Прыемнага дня».
У жніўні мінулага года Дональд Трамп заклікаў пазбавіць тэлеканалы ABC і NBC ліцэнзій з‑за іх нібыта прадузятага асвятлення яго працы. Пасля гэтага прэзідэнт ЗША выказаўся супраць пашырэння амерыканскіх тэлевізійных сетак і назваў ABC і NBC «віртуальным крылом Дэмакратычнай партыі».
@bajmedia